ТЭРМАМЕХАНІ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ, эфект фантанавання,

узнікненне ў звышцякучай вадкасці рознасці ціску, абумоўленай рознасцю тэмператур.

Выяўляецца ў розніцы ўзроўняў вадкасці ў двух сазлучаных цераз вузкую шчыліну ці капіляр сасудах, якія знаходзяцца пры розных т-рах. Другі наглядны спосаб дэманстрацыі Т.э.: трубку з дробным чорным парашком апускаюць адным канцом у звышцякучы гелій; пры асвятленні парашок хутка награваецца і з прычыны рознасці ціску ў пасудзіне і па-за ёй вадкі гелій фантанам выкідваецца з верхняга канца капіляра. Т.э. тлумачыцца на аснове тэорыі звышцякучасці. Адваротная з’ява (ахаладжэнне звышцякучага гелію пры працяканні яго праз вузкія шчыліны ці капіляры) наз. механакаларычным эфектам.

Тэрмамеханічны эфект: 1 — узровень вадкасці ў пасудзіне з награвальнікам Н вышэйшы, чым у сазлучанай з ім пасудзіне; 2 — фантанаванне гелію пры асвятленні і нагрэве парашку П, які знаходзіцца ў пасудзіне са звышцякучым геліем (В — гіграскапічная вата).

т. 16, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)